ПРАФСАЮЗЫ ПРАВЕРЫЛІ ЦЭНЫ НА ПРАДУКТЫ

Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі штотыднёва праводзіць маніторынг цэн на харчовыя прадукты ў гандлёвых кропках краіны.

Не выключэнне ў гэтым плане і Беразіно. У чарговую паездку па бярэзінскіх магазінах мы выправіліся разам са старшынёй раённага аб’яднання прафсаюзаў Аленай Токан і зазірнулі адразу ў «Санту».

Якасць выкладзенай на паліцах прадукцыі тут здавальняючая, для спажыўцоў маецца шырокі асартымент, у тым ліку і сацыяльна значных прадуктаў.

 Маніторынг цэн пастаянна праводзіцца ў розных гандлёвых кропках Бярэзіншчыны,  адзначыла Алена Міхайлаўна.  Якасць прадуктаў харчавання здавальняючая, не назіраецца дэфіцыту на нейкія асобныя віды харчовых тавараў. Заўсёды ў наяўнасці алей, крупы, цукар, соль, малочныя і мясныя вырабы розных вытворцаў.

 Як складваецца сітуацыя з цэнамі?

 Па дадзеных Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, набор прадуктаў на сям’ю з чатырох чалавек у чэрвені 2022 года ў сярэднім па краіне складае 811,8 рубля. Гэта на 4,47 працэнтаў даражэй, чым у маі. Па тых жа дадзеных, з 1 студзеня 2022 года ў магазінах падаражэлі некаторыя крупы. Напрыклад, рыс (на 29,1%) і манка (на 16,8 %). На 49,0% выраслі цэны на кашы для дзіцячага і дыетычнага харчавання. Падаражэў цукар (на 48,2%), кандытарскія вырабы (на 30,2%), маргарын (на 25,2%), чай чорны байхавы (на 25,1%), сокі (на 22,3%) і некаторыя іншыя тавары.

Са студзеня амаль не змяніўся кошт курэй. Змяненні коштаў на гародніну маюць сезонны характар.

Аляксандр Бычкоўскі, фота аўтара