Дзень Роднай мовы!

…І ў палацы, і на сцежцы вузкай,

Каб душа магла пачуць душу,   

Размаўляй са мной па-беларуску,

Размаўляй па-роднаму, прашу.

                                    Марыя Новікава

У ДУ «Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Барысаўскага раёна» 21 лютага 2023 года, ў Мiжнародны дзень роднай мовы, адбылася сустрэча прафсаюзнага актыва ўстановы сумесна з грамадзянамi пажылога ўзросту са знаўцам беларускай мовы, нашчадкам Якуба Коласа, Іванам Белым.

Іван Юр’евіч пазнаемiў барысаўчан з гісторыяй сям’і знакамітага пісьменніка, яго дзіцячымі гадамі і творчым шляхам.

– Нам у спадчыну засталася ўнікальная мова – жывая і мілагучная, песенная і паэтычная, старажытная і сучасная. Яна – нібы спеў жаўранка, нібы звон капелі ранняй вясной, нібы гук сярпа ў полі; яна цеплая, як матуліна пяшчота. Сення – дзень захавання моўнай і культурнай разнастайнасці ў свеце, падтрымання нацыянальных моў і культур, а таксама забеспячэння права кожнага грамадзяніна карыстацца роднай мовай. А як жа лепш вывучыць беларускую мову? Трэба слухаць і гаварыць з тымі, хто ведае яе, – падзялiўся сваiмi думкамi Іван Юр’евіч.

– Прысутныя з захапленнем слухалі выступоўцу, чыталі вершы на беларускай мове, – падзялілася сваімі ўражаннямі старшыня першаснай прафсаюзнай арганізацыі Вольга Кункевіч. – Гэтая сустрэча нагадала кожнаму з нас – хто ён ёсць насамрэч – грамадзянінам сваёй краіны, беларусам.