“Адзіная Міншчына – сэрца Беларусі!”
Пад такім дэвізам 22 снежня ў Мінскай вобласці стартавала акцыя, удзел у якой прымалi прадстаўнікі абласнога і раённых выканаўчых камітэтаў, розных арганізацый і прадпрыемстваў цэнтральнага рэгіёна, Мінскай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў дзяржустаноў.

Так да яе далучылася i Валожыншчына: 22 машыны-ўдзельніцы пераднавагодняга аўтапрабегу прыехалі ў Івянецкі дзіцячы дом-інтэрнат.
Да выхаванцаў завіталі прадстаўнікі Мінскага абласнога прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў, Мінскага малочнага завода № 1, аблаўтатрансу, абласнога саюза спажывецкіх таварыстваў, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, грамадскага аб’яднання “Патрыёты Беларусі”, арганізацый Валожынскага раёна. Усе яны – людзі з вялікім сэрцам і адкрытай душой, тыя, хто спяшаецца дапамагчы і падтрымаць.


Вялікую дэлегацыю гасцей выхаванцы сустракалі шчаслівымі ўсмешкамі і гучнымі воклічамі на тэрыторыі ўстановы – менавіта тут ля ўпрыгожанай ёлачкі разгарнулася і само святочнае мерапрыемства. Усіх прысутных прывітала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Валожынскага райвыканкама Ірына Жданюк. “Мы рады, што Валожыншчына сёння таксама ўліваецца ў адзінае сэрца Беларусі!”, – адзначыла Ірына Леанідаўна.
З самай чароўнай і казачнай зімовай парой дзяцей віншавалі Дзядуля Мароз і Снягурачка, а пасля разам вадзілі карагоды, фатаграфаваліся на памяць. Дырэктар Івянецкага дома-інтэрната Алена Петрашкевіч падзякавала паважаным гасцям за падарункі і тую ўвагу, якую яны аказалі менавіта іх сацыяльнай установе. “Рабяты чакалі вас, рыхтаваліся і сёння вельмі задаволены, – падкрэсліла Алена Сігізмундаўна. – Бо Новы год – самае любімае свята не толькі для дзетвары, але і для дарослых. Гэта асаблівы час, напоўнены чараўніцтвам, чаканнем чагосьці таямнічага і незвычайнага”.

Прыемныя ўражанні ад удзелу ў акцыі атрымалі і самі ўдзельнікі мерапрыемства.
Уладзімір ФІЛІМОНАЎ, старшыня Мінскай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў:
– З Івянецкім домам-інтэрнатам сябруем на працягу многіх гадоў і вельмі даражым гэтым сяброўствам. Дзякуючы кіраўніку краіны закладзена такая цудоўная традыцыя, як дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”. А дзеці – гэта і ёсць той скарб, які ўсіх аб’ядноўвае. Наша задача – падарыць ім часцінку дабра, радасці, зрабіць больш шчаслівымі. Бо клопат пра дзяцей – клопат пра нашу будучыню, пра нашу любімую Беларусь. Невыпадкова сённяшняя акцыя арганізавана ў фармаце патрыятычнага аўтапрабегу, каб паказаць наша адзінства ва ўсіх добрых пачынаннях.
Сама атмасфера здзівіла і зачапіла – перапаўняюць пазітыўныя эмоцыі: прыемна, калі ад цябе людзі радуюцца, захапляюцца, што нешта добрае пакідаееш пасля сябе.
